КРАСАВІ́ЦКІЯ ВЫСТУПЛЕ́ННІ ПРАЦО́ЎНЫХ 1991 у Беларусі.

Пачаліся 3 крас. ў Мінску, калі ў адказ на павышэнне цэн узнік стыхійны мітынг на электратэхн. з-дзе. Да яго далучыліся рабочыя з-даў аўтаматычных ліній і шасцерань. Мітынгуючыя перапынілі рух транспарту на вул. Даўгабродскай. 4 крас. спыніў работу Мінскі аўтазавод. Каля 40 тыс. рабочых правялі марш да Дома ўрада. дзе адбыўся мітынг пратэсту, на якім прыняты патрабаванні: павышэнне зарплаты адпаведна росту цэн, адстаўка прэзідэнта СССР М.С.Гарбачова, саюзнага і рэсп. ўрадаў. Створаны стачачны к-т (сустаршыні С.Антончык, Г.Быкаў, Г.Мухін), які аб’яднаў рабочых 98 прадпрыемстваў Мінска. Стачачныя к-ты створаны таксама ў Оршы, Гомелі, Маладзечне, Барысаве, Лідзе, Салігорску і інш. З 10 крас. да бастуючых Мінска далучыліся працоўныя інш. гарадоў Беларусі. Савет Міністраў БССР даў згоду задаволіць эканам. патрабаванні, але Прэзідыум Вярх. Савета БССР адмовіўся разглядаць паліт. патрабаванні. Пасля чаго прадстаўнікі рэсп. стачачных к-таў абвясцілі пра аднаўленне забастоўкі з 23 красавіка. Напружанае становішча склалася ў Оршы, дзе бастуючыя блакіравалі чыг. рух. Пасля аршанскіх падзей забастоўка прыпынена.

А.П.Галькевіч.

т. 8, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)